У Вільні 30 кастрычніка супольнасць беларускіх зялёных экспертаў абвясціла пра заснаванне новага суб’екта грамадзянскай супольнасці — альянс “Зялёная Беларусь”.
Альянс “Зялёная Беларусь” створаны з ініцыятывы актывістаў і актывістак экалагічнай грамадзянскай супольнасці і каманды экспертаў еўрапейскага ўзроўню, якія маюць досвед працы над стратэгічнымі дакументамі, добра знаёмыя з агульнасусветнымі зялёнымі трэндамі.
Беларусь чакаюць палітычныя трансфармацыі. Гэта выключна пытанне часу. Новы час — новыя рашэнні старых праблем.
- Як беларуская эканоміка зможа існаваць без расійскага газу?
- На якіх тэхналогіях будзе грунтавацца эфектыўная сельская гаспадарка?
- Як беларускай прамысловасці перайсці да кліматычнай нейтральнасці?
- Як адаптаваць да зменаў клімату нашыя гарады?
- Чаму і як мы будзем вучыць дзяцей, каб паўстала нацыя адказных і экалагічна пісьменных беларусаў?
Эксперты-візіянеры з “Зялёнай Беларусі” працуюць над новымі адказамі на гэтыя выклікі.
“Зялёная Беларусь” дзеліцца бачаннем таго, якой утульнай для усіх наша краіна можа стаць:
“Гарады, камфортныя для усіх, адаптаваныя да змены клімату, гарады, у якіх хочацца жыць, зялёныя гарады. Чыстая вада, чыстае паветра, дасяжны і зручны экалагічны транспарт, чыстая і танная энэргія, якую можна атрымліваць заўжды, без залежнасці ні ад каго, сельская гаспадарка, якая дае здаровае харчаванне ад мясовых вытворцаў, жыццё ў згодзе з прыродай, развіццё мясцовых супольнасцяў. Гучыць як мара, праўда? Гэта сапраўды мара”, — кажа прадстаўніца “Зялёнай Беларусі” Ася Дарафеева.
Ці час цяпер для мар? — задаюцца пытаннем эксперты. Цяпер, калі наша краіна фактычна саўдзельнічае ў вайне, калі яна фактычна страціла незалежнасць, калі ў турмах пакутуюць палітвязні і калі мы амаль нічога не можам з гэтым зрабіць і практычна ніяк не можам паўплываць на тое, што адбываецца?
“Зялёная Беларусь” лічыць, што марыць трэба як раз цяпер.
Пераход на чыстую ўзнаўляльную энэргетыку ды ўстойлівую зялёную эканоміку, сінхранізацыя з Еўрапейскім зялёным курсам, прымяненне прынцыпаў справядлівага перахода ў дачыненні да Беларусі. Гэта ўсё эксперты маюць на ўвазе, калі кажуць пра Зялёную Беларусь сёння. У шырокім сэнсе Зялёная Беларусь — гэта мара. Але адначасова і мэта, якую можна і патрэбна паставіць, да прыкладу, на 2050 год, гэта і шлях, па якім да яе можна прыйсці.
“І калі мы хочам, каб пасля падзення дыктатуры Беларусь стала Еўрапейскай, Незалежнай, Справядлівай, трэба абіраць Зялёны шлях і пачынаць ісці па ім ужо зараз,” — перакананыя прадстаўнікі альянсу “Зялёная Беларусь”.