Якім чынам тое, што адбываецца на палях, уплывае на клімат, біяразнастайнасць і якасць жыцця кожнага з нас? Навучыцца будаваць больш устойлівыя харчовыя сістэмы і даведацца пра перспектыўныя экалагічныя аграпрактыкі для Беларусі можна будзе падчас новага цыклу вэбінараў, прысвечаных зялёнай трансфармацыі аграсектара.
У межах курса ўдзельнікі разбяруць асноўныя прынцыпы ўстойлівай сельскай гаспадаркі, азнаёмяцца з рознымі падыходамі да яе вядзення і абмяркуюць магчымасці стварэння кароткіх харчовых ланцужкоў «ад поля да стала».
Галоўнай эксперткай цыклу стане Анастасія Слукіна — фахівец па ўстойлівых харчовых сістэмах і экалагічнай адукацыі. Яна дапаможа разгледзець ролю фермераў, бізнесу, дзяржавы і спажыўцоў у фармаванні сучаснай харчовай сістэмы, а таксама падзеліцца практычнымі прыкладамі з Беларусі і Еўропы.
Досведам рэгіянальнай трансфармацыі аграсектара таксама падзеліцца запрошаны міжнародны эксперт з Украіны — кандыдат сельскагаспадарчых навук Любамір Клепач.
Праграма курса
10 верасня — «Роля ўстойлівай сельскай гаспадаркі ў зялёнай трансфармацыі»
Удзельнікі даведаюцца, што стаіць за паняццем устойлівай сельскай гаспадаркі, як яна ўплывае на клімат і біяразнастайнасць, а таксама якое месца займае аграсектар у Еўрапейскім зялёным курсе.
17 верасня — «Якой бывае ўстойлівая сельская гаспадарка»
Разбор розных кірункаў: арганічнага, рэгенератыўнага, біядынамічнага земляробства і пермакультуры. Запрошаны эксперт Любамір Клепач раскажа пра практичны досвед Украіны і Беларусі, перавагі альтэрнатыўных падыходаў і неабходныя крокі для іх укаранення.
24 верасня — «Як пабудаваць устойлівую харчовую сістэму»
Фокус на шлях прадуктаў ад вытворцы да спажыўца. Размова пойдзе пра кароткія харчовыя ланцужкі, развіццё мясцовых ініцыятыў і інструменты, якія дазваляюць зрабіць вытворчасць і спажыванне ежы больш адказнымі.
Як далучыцца?
Навучанне праходзіць у анлайн-фармаце. Для ўдзелу ў вэбінарах неабходна прайсці папярэднюю рэгістрацыю.
Запоўніць анкету ўдзельніка і атрымаць спасылкі на трансляцыі можна па гэтай спасылцы на форму рэгістрацыі.