Серыя з трох вэбінараў дапаможа ўдзельнікам разабрацца, што такое справядлівы пераход (Just Transition) і чаму сёння ён стаў адной з ключавых умоў паспяховай кліматычнай і эканамічнай трансфармацыі. Удзельнікі пазнаёмяцца з міжнароднымі прынцыпамі і дакументамі ў гэтай сферы, даведаюцца, як успрыманне справядлівасці ўплывае на грамадскую падтрымку кліматычнай палітыкі, а таксама атрымаюць уяўленне пра інструменты, інстытуты і механізмы фінансавання, неабходныя для рэалізацыі справядлівага пераходу. Асобная ўвага будзе нададзена магчымасцям і выклікам для Беларусі, а таксама ролі грамадзянскай супольнасці, экспертнай супольнасці і будучых спецыялістаў у падрыхтоўцы да зялёнай трансфармацыі.
Наш спікер – Дмітры Крэмер, актывіст прафсаюзнага руху з зацікаўленасцю ў зялёным пераходзе.
20 жніўня “Што такое справядлівы пераход: канцэпцыя, міжнародныя дакументы і беларускі кантэкст“
Удзельнікі атрымаюць базавае разуменне канцэпцыі справядлівага пераходу, гісторыі яе ўзнікнення і асноўных міжнародных дакументаў, якія вызначаюць прынцыпы зялёнай трансфармацыі. Эксперт растлумачыць, што азначае «справядлівасць» у кантэксце пераходу, як змяняецца рынак працы ў сувязі з дэкарбанізацыяй і якія магчымасці і рызыкі адкрывае для Беларусі зялёная эканоміка. Таксама будуць разгледжаны магчымыя сцэнары развіцця краіны ў кантэксце глабальнага кліматычнага парадку дня.
27 жніўня “Навошта патрэбны Just Transition: грамадская падтрымка, рызыкі і ўдзельнікі пераходу»“.
Вэбінар прысвечаны таму, чаму кліматычная палітыка не можа быць паспяховай без уліку сацыяльных наступстваў. Спікер пакажа, як адсутнасць справядлівых механізмаў падтрымкі можа прыводзіць да грамадскага супраціву і росту папулізму, а таксама растлумачыць, хто з’яўляецца ключавымі ўдзельнікамі справядлівага пераходу і якую ролю яны адыгрываюць. Асобна будуць разгледжаны выклікі, якія могуць паўстаць перад Беларуссю, і неабходнасць падрыхтоўкі шырокай кааліцыі для будучых пераўтварэнняў.
3 верасня “Інструменты, інстытуты, фінансаванне і міжнародныя рэкамендацыі справядлівага пераходу“.
На трэцім вэбінары ўдзельнікі пазнаёмяцца з практычнымі механізмамі рэалізацыі справядлівага пераходу на еўрапейскіх прыкладах. Эксперт раскажа пра інструменты сацыяльнай абароны, праграмы перанавучання і падтрымкі занятасці, ролю дзяржаўных і мясцовых інстытутаў, прафсаюзаў і сацыяльнага дыялогу, а таксама пра асноўныя крыніцы фінансавання такіх пераўтварэнняў. Удзельнікі даведаюцца, на якіх міжнародных стандартах будуецца палітыка справядлівага пераходу і якія элементы гэтай сістэмы могуць быць карыснымі для будучай трансфармацыі Беларусі.