У гэтым цыкле пагаворым пра тое, як сельская гаспадарка павінна стаць часткай зялёнай трансфармацыі. Разбярэм асноўныя прынцыпы ўстойлівай сельскай гаспадаркі, пазнаёмімся з рознымі падыходамі да яе вядзення, а таксама паглядзім, якія з іх могуць быць перспектыўнымі для Беларусі.
Анастасія Слукіна – нашая экспертка па ўстойлівых харчовых сістэмах і экалагічнай адукацыі, якая працуе з экасупольнасцямі і развівае іх – дапаможа разабрацца як ствараць больш устойлівыя харчовыя сістэмы “ад поля да стала”, і якую ролю ў гэтым адыгрываюць фермеры, бізнес, дзяржава і спажыўцы. Таксама пагаворым пра мясцовыя ініцыятывы, кароткія харчовыя ланцужкі і практычныя прыклады з Беларусі і Еўропы.
10 верасня “Роля ўстойлівай сельскай гаспадаркі ў зялёнай трансфармацыі“
Што агульнага паміж сельскай гаспадаркай, змяненнем клімату і захаваннем біяразнастайнасці? І чаму тое, што адбываецца на палях, важна для кожнага з нас?
На вэбінары даведаемся што такое ўстойлівая сельская гаспадарка і на якіх прынцыпах яна грунтуецца, як агулам ўплывае на клімат, біяразнастайнасць і мясцовыя супольнасці, якія ўстойлівыя практыкі ўжо выкарыстоўваюцца. Асобна звярнем увагу на месца сельскай гаспадаркі ў Еўрапейскім зялёным курсе.
17 верасня “Якой бывае ўстойлівая сельская гаспадарка»“.
Арганічная, рэгенератыўная, біядынамічная сельская гаспадарка, пермакультура — чым яны адрозніваюцца? Што стаіць за гэтымі паняццямі і якія падыходы сапраўды дапамагаюць зрабіць сельскую гаспадарку больш устойлівай?
Да нас далучыца міжнародны эксперт у сферы арганічнай сельскай гаспадаркі, кандыдат сельскагаспадарчых навук Любамір Клепач (Украіна), які раскажа пра практычныя падыходы да трансфармацыі сельскай гаспадаркі з досведу Украіны і Беларусі.
Разам разбярэмся ў альтэрнатыўных падыходах да сельскай гаспадаркі, іх асноўных адрозненнях, перавагах і асаблівасцях. Таксама абмяркуем шлях Беларусі да ўстойлівай сельскай гаспадаркі, якія падыходы можна пераняць у іншых краін і што для гэтага неабходна зрабіць.
24 верасня “Як пабудаваць устойлівую харчовую сістэму“.
Ад поля да стала — доўгі шлях. І на кожным яго этапе ёсць магчымасці зрабіць нашу харчовую сістэму больш устойлівай. На вэбінары пагаворым як зрабіць шлях прадуктаў ад поля да стала больш устойлівым і якую ролю ў гэтым адыгрываюць фермеры, бізнес, дзяржава і спажыўцы. Даведаемся разам што такое кароткія харчовыя ланцужкі і чаму яны важныя, абмяркуем прыклады мясцовых ініцыятыў, якія ўжо змяняюць наш падыход да вытворчасці і спажывання ежы.