Прэзентацыя вынікаў даследвання пра інфраструктурныя сістэмы Беларусі

27 верасня 2025 года Альянс «Зялёная Беларусь» запрашае наведвальнікаў Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Берліне прыняць удзел у прэзентацыі «Інфраструктурныя сістэмы Беларусі: устойлівасць і шокі».

Мэта прэзентацыі – у даступнай форме паказаць рэальны стан трох ключавых сектароў гаспадаркі РБ: энергетыкі, транспартнага сектара і сістэмы ЖКГ, паказаць існуючыя ўразлівасці і магчымыя рызыкі сектароў, абазначыць сцэнары адаптацыі і пераадольвання шокаў, рэкамендаваць канкрэтныя крокі па змякчэнні наступстваў.

Тры сектары = тры грунтоўных даследаванні, у якіх спецыялісты адказваюць на пытанні накшталт:

  • Ці рэальна пазбавіцца энергетычнай залежнасці ад Расіі і што рабіць у гэтым напрамку ужо цяпер?
  • Што рабіць, калі ў Беларусі станецца транспартны калапс праз перабоі з палівам і зношанасць аўтапарка?  
  • Ува што ператворыцца Беларусь, калі вывозіць смецце і адходы будзе немагчыма хаця б некалькі тыдняў?  
  • Чаму ўвогуле могуць адбыцца крызісы, як яны могуць развівацца і якія наступствы яны прынясуць людзям, бізнесу і дзяржаве?

Пасля прэзентацыі кожнага даследавання ў наведвальнікаў секцыі будзе магчымасць узяць удзел у абмеркаванні вынікаў аналізу шокаў і паставіць свае пытанні экспертам.

«Тыя рэкамендацыі, якія мы зрабілі на аснове разлікаў і міжнароднага досведу, дазваляюць нам сцвярджаць, што калі распачаць дзеянні па мінімізацыі рызыкаў у сферах энергетыкі, транспарту і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо цяпер, то можна значна нівеліраваць уплыў гэтых рызыкаў на будучыню Беларусі», – заяўляюць аўтары даследаванняў.

Калі: 27 верасня 2025 года, з 09:00 да 12:30

Дзе: універсітэт Гумбальта, Humboldt Universität zu Berlin (Dorotheenstraße 24), аўд. 1.405

Запрашаем эканамістаў, журналістаў і ўсіх ахвочых далучыцца да абмену меркаваннямі і выпрацоўкі рэкамендацый па ўмацаванні інфраструктурнай бяспекі Беларусі. 

Мадэратарам секцыі выступіць Ірына Сухій.